Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Біялогія»
для VI клаcа ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання
УВОДЗІНЫ (1 гадзіна)
Паняцце пра жывую і нежывую прыроду. З’явы прыроды. Біялогія – навука пра жывую прыроду. Асноўныя раздзелы біялогіі. Значэнне біялогіі.
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- паняцце «біялогія» як навуку пра жывую прыроду;
- з’явы прыроды;
умець:
- тлумачыць, што вывучае біялогія;
- адрозніваць фізічныя, хімічныя, астранамічныя, геаграфічныя і біялагічныя з’явы;
- прыводзіць прыклады біялагічных з’яў;
- характарызаваць значэнне біялогіі ў жыцці чалавека;
- разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: біялогія, з’явы прыроды.
ЖЫВАЯ ПРЫРОДА І МЕТАДЫ ЯЕ ВЫВУЧЭННЯ (5 гадзін)
Жывая прырода. Жывыя арганізмы. Адрозненне жывых арганізмаў ад цел нежывой прыроды (клетачная будова, харчаванне, дыханне, выдзяленне, рост, развіццё, размнажэнне, раздражняльнасць).
Метады вывучэння жывой прыроды. Назіранне і біялагічны дослед – найважнейшыя метады вывучэння прыроды. Павелічальныя прыборы. Лупа. Мікраскоп. Мікрапрэпараты.
Вучні павінны:
ведаць:
- асноўныя прыкметы жывых арганізмаў;
- асноўныя метады вывучэння жывой прыроды;
- будову лупы і светлавога мікраскопа;
- правілы работы з лупай і мікраскопам;
- лабараторнае абсталяванне і паслядоўнасць дзеянняў пры падрыхтоўцы найпрасцейшых прэпаратаў;
умець:
- адрозніваць жывыя арганізмы ад цел нежывой прыроды;
- абыходзіцца з лабараторным абсталяваннем;
- рыхтаваць найпрасцейшыя прэпараты;
- працаваць з лупай і светлавым мікраскопам;
- выконваць правілы паводзін і працы з прыборамі і прыладамі ў кабінеце біялогіі:
- праводзіць назіранні за жывымі арганізмамі;
- знаходзіць дадатковую інфармацыю па тэме вучэбных заняткаў у розных крыніцах і рабіць кароткія паведамленні;
- тлумачыць значэнне біялагічных ведаў у паўсядзённым жыцці;
- разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: харчаванне, дыханне, выдзяленне, рост, развіццё, размнажэнне, раздражняльнасць, назіранне, біялагічны дослед, лупа, мікраскоп, мікрапрэпарат.
КЛЕТАЧНАЯ БУДОВА ЖЫВЫХ АРГАНІЗМАЎ (5 гадзін)
Клетачная будова жывых арганізмаў. Адкрыццё клеткі Р. Гукам.
Будова расліннай і жывёльнай клетак. Разнастайнасць клетак. Унутраная будова клетак (цытаплазматычная мембрана, цытаплазма, ядро). Адметныя рысы будовы раслінных клетак (наяўнасць абалонкі, пластыдаў, вакуолей з клетачным сокам). Сувязь асаблівасцей будовы клетак з ладам жыцця раслін і жывёл. Паняцце пра аўтатрофы і гетэратрофы.
Жыццядзейнасць клетак. Жыўленне клетак, паступленне рэчываў у клетку. Клетачнае дыханне. Выдзяленне. Паняцце пра абмен рэчываў.
Размнажэнне і рост клетак. Паняцце пра размнажэнне клетак.
Дзяленне клетак. Вынік дзялення. Рост клетак.
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- клетачную будову жывых арганізмаў;
- разнастайнасць формы клетак;
- харчаванне, клетачнае дыханне і выдзяленне;
- абмен рэчываў у клетцы;
размнажэнне клетак і паслядоўнасць падзей пры дзяленні клеткі;
ведаць:
- асноўныя структуры расліннай і жывёльнай клетак і іх функцыі;
- асноўныя арганоіды (пластыды і вакуолі) клеткі і іх функцыі;
умець:
- называць асноўныя структурныя кампаненты клеткі і іх функцыі;
- распазнаваць і паказваць на табліцах асноўныя структурныя кампаненты клеткі;
- называць асноўныя рысы падабенства і адрозненні ў будове расліннай і жывёльнай клетак;
- падрыхтоўваць мікрапрэпараты, разглядаць іх пад мікраскопам і рабіць вывады пра асаблівасці будовы клеткі аб’екта, які вывучаецца;
- распазнаваць на мікрапрэпаратах вывучаных аб’ектаў асноўныя структурныя кампаненты клеткі;
- карыстацца інструкцыяй пры выкананні практычных работ, падручнікам і дадатковай літаратурай;
- знаходзіць дадатковую інфармацыю па тэме вучэбных заняткаў у розных крыніцах і на яе падставе рабіць кароткія паведамленні;
разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: клетка, цытаплазматычная мембрана, цытаплазма, арганоіды, пластыды, вакуолі, ядро, храмасома, аўтатрофы, гетэратрофы, жыўленне клетак, клетачнае дыханне, выдзяленне, абмен рэчываў, дзяленне.
РАЗНАСТАЙНАСЦЬ ЖЫВЫХ АРГАНІЗМАЎ (10 гадзін)
Разнастайнасць жывых арганізмаў. Паняцце пра царствы жывых арганізмаў: Бактэрыі, Пратысты, Грыбы, Расліны, Жывёлы.
Бактэрыі. Форма бактэрыяльных клетак. Распаўсюджванне бактэрый. Будова бактэрый. Жыўленне бактэрый. Роля бактэрый у прыродзе і жыцці чалавека. Хваробатворныя бактэрыі. Паняцце пра паразітаў і інфекцыйныя хваробы.
Пратысты. Распаўсюджванне і асаблівасці будовы пратыстаў на прыкладзе амёбы, хларэлы, эўглены зялёнай і спірагіры. Роля пратыстаў у прыродзе і жыцці чалавека.
Грыбы. Распаўсюджванне грыбоў. Паняцце пра шапачкавыя і плесневыя грыбы. Будова грыбоў. Жыўленне грыбоў. Ядомыя і ядавітыя грыбы. Дрожджы і плесневыя грыбы. Роля грыбоў у прыродзе.
Расліны. Будова, разнастайнасць і распаўсюджванне раслін. Асноўныя групы раслін (паняцце пра імхі, папараці, хвашчы, дзеразу, хвойныя і кветкавыя расліны). Фотасінтэз – спосаб жыўлення раслін.
Значэнне раслін у прыродзе і жыцці чалавека.
Жывёлы. Адметныя прыкметы жывёл. Паняцце пра раслінаедных, драпежных, або драпежнікаў, усёедных жывёл і жывёл-паразітаў. Перамяшчэнне жывёл. Разнастайнасць жывёл. Паняцце пра пазваночных і беспазваночных жывёл. Асноўныя групы жывёл. Роля жывёл у прыродзе. Дзікія і свойскія жывёлы. Значэнне жывёл у жыцці чалавека.
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- разнастайнасць жывых арганізмаў;
- асноўныя групы раслін і жывёл;
- раслінаедных, драпежных жывёл, арганізмы-паразіты;
ведаць:
- асноўныя прыкметы прадстаўнікоў царстваў жывой прыроды;
- асноўныя віды культурных раслін і свойскіх жывёл;
- асноўныя ядомыя і ядавітыя грыбы;
умець:
- праводзіць найпрасцейшую класіфікацыю жывых арганізмаў па асобных царствах;
- вызначаць прыналежнасць біялагічных аб’ектаў да аднаго з царстваў жывой прыроды;
- усталёўваць рысы падабенства і адрозненні ў прадстаўнікоў розных царстваў;
- адрозніваць вывучаныя аб’екты ў прыродзе, на табліцах;
- выкарыстоўваць дадатковыя крыніцы інфармацыі і самастойна рыхтаваць вусныя паведамленні на 2–3 мінуты;
- тлумачыць ролю прадстаўнікоў царстваў жывой прыроды ў жыцці чалавека;
- разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: бактэрыі, паразіты, пратысты, грыбы, шапачкавыя грыбы, плесневыя грыбы, дрожджы, расліны, ліст, сцябло, корань, імхі, папараці, хвашчы, дзераза, хвойныя расліны, кветкавыя расліны, фотасінтэз, жывёлы, раслінаедныя жывёлы, драпежныя жывёлы, або драпежнікі, жывёлы-паразіты, пазваночныя жывёлы, беспазваночныя жывёлы, кішачнаполасцевыя, чарвякі, малюскі, членістаногія, ракападобныя, павукападобныя, насякомыя, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя, або звяры, дзікія жывёлы, свойскія жывёлы.
РАЗМНАЖЭННЕ АРГАНІЗМАЎ (2 гадзіны)
Паняцце пра размнажэнне арганізмаў і яго значэнне. Спосабы размнажэння. Бясполае размнажэнне (дзяленне клеткі, утварэнне спор, часткамі цела – вегетатыўнае размнажэнне, пачкаванне).
Палавое размнажэнне. Паняцце пра палавыя клеткі. Апладненне: вонкавае і ўнутранае.
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- працягласць жыцця жывых арганізмаў і іх размнажэнне;
- асноўныя спосабы размнажэння;
- жаночыя і мужчынскія палавыя клеткі, вонкавае і ўнутранае апладненне, зіготу, развіццё арганізмаў;
- значэнне размнажэння арганізмаў у прыродзе;
ведаць:
- асноўныя віды бясполага размнажэння;
- адрозненні паміж бясполым і палавым размнажэннем;
умець:
- прыводзіць прыклады вегетатыўнага размнажэння раслін;
- праводзіць размнажэнне раслін чаранкамі;
- валодаць навыкамі вегетатыўнага размнажэння раслін з дапамогай чаранкоў;
разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: размнажэнне (бясполае, палавое), споры, вегетатыўнае размнажэнне, пачкаванне, палавыя клеткі, апладненне.
ВІДЫ І ЗГУРТАВАННІ АРГАНІЗМАЎ (2 гадзіны)
Від. Паняцце пра віды жывых арганізмаў. Прыкметы віду: падабенства асобін аднаго віду па вонкавай і ўнутранай будове, умовах пражывання, здольнасці арганізмаў да размнажэння і ўтварэння пладавітага патомства. Падабенства паміж блізкароднаснымі відамі. Падвойныя назвы відаў.
Згуртаванні жывых арганізмаў. Паняцце пра біяцэноз. Харчовыя сувязі арганізмаў, ланцугі харчавання. Арганізмы – вытворцы, спажыўцы і разбуральнікі арганічных рэчываў. Узаемаадносіны арганізмаў у біяцэнозах.
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- віды жывых арганізмаў;
- асноўныя прыкметы віду;
- згуртаванні жывых арганізмаў (біяцэнозы);
- сувязі арганізмаў у біяцэнозе;
- ланцугі і сеткі харчавання;
- вытворцаў, спажыўцоў і разбуральнікаў арганічнага рэчыва ў біяцэнозах;
умець:
- знаходзіць падабенства і адрозненні паміж асобінамі аднаго і розных відаў;
- класіфікаваць арганізмы па іх функцыях у біяцэнозе;
- прыводзіць прыклады вытворцаў, спажыўцоў і разбуральнікаў арганічнага рэчыва;
- прыводзіць прыклады сувязей арганізмаў у біяцэнозе;
- праводзіць назіранні за арганізмамі ў біяцэнозах;
разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: від, біяцэноз, ланцуг харчавання, вытворцы арганічнага рэчыва, спажыўцы арганічнага рэчыва, арганізмы – разбуральнікі арганічнага рэчыва.
ЭКАСІСТЭМЫ (5 гадзін)
Агульная характарыстыка экасістэм. Паняцце пра асяроддзе пражывання жывых арганізмаў. Фактары асяроддзя. Паняцце пра экасістэмы. Паняцце пра кругаварот рэчываў у экасістэмах.
Прэснаводная экасістэма – возера. Заканамернасці рассялення жывых арганізмаў у возеры. Сувязі паміж арганізмамі. Возера зімой.
Наземная экасістэма – лес. Паняцце пра хвойныя, лісцевыя і змешаныя лясы. Яруснае размеркаванне раслін і іншых груп арганізмаў. Значэнне лясных экасістэм у прыродзе і жыцці чалавека. Правілы паводзін у лесе.
Змены экасістэм. Сезонныя змены ў экасістэмах (на прыкладзе лясной экасістэмы).
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- асяроддзе пражывання і яго фактары;
- экалагічную сістэму;
- кругаварот рэчываў у экасістэмах;
- сезонныя змены ў экасістэмах і іх прычыны;
- ведаць асноўныя віды жывых арганізмаў, якія жывуць у прэснаводным вадаёме і лясных экасістэмах;
умець:
- апісваць возера і лес як прыклады экасістэмы;
- характарызаваць размеркаванне арганізмаў у возеры;
- характарызаваць яруснасць у лясной экасістэме;
- прыводзіць прыклады жывых арганізмаў, якія жывуць у розных экасістэмах;
- апісваць асноўныя біялагічныя з’явы, якія назіраюцца ў прыродных экасістэмах у розны час;
- адрозніваць на малюнках, табліцах, фотаздымках, у прыродзе асноўныя віды жывых арганізмаў, якія насяляюць прэснаводны вадаём і лясную экасістэму;
разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: навакольнае асяроддзе, фактары асяроддзя, экалогія, экасістэма, кругаварот рэчываў, яруснасць, сезонныя змены экасістэм.
ЧАЛАВЕК І ЯГО РОЛЯ Ў ПРЫРОДЗЕ (3 гадзіны)
Узаемаадносіны чалавека з прыродай. Умовы жыцця сучаснага чалавека. Залежнасць чалавека ад прыроды (патрэбнасць чалавека ў вадзе, ежы, чыстым паветры, уздзеянне на чалавека тэмпературы і атмасфернага ціску).
Роля чалавека ў прыродзе (станоўчыя і адмоўныя бакі гаспадарчай дзейнасці чалавека). Вынікі ўздзеяння чалавека на прыроду. Ахова прыроды. Паняцце пра Чырвоныя кнігі, асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі – запаведнікі, заказнікі, нацыянальныя паркі.
Вучні павінны:
мець уяўленне пра:
- прыручэнне жывёл і адамашніванне раслін;
- неабходныя ўмовы жыцця сучаснага чалавека;
- уплыў умоў навакольнага асяроддзя на чалавека;
- ролю чалавека ў прыродзе;
- асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі;
- правілы паводзін у прыродзе;
умець:
- характарызаваць вынікі негатыўнага ўздзеяння гаспадарчай дзейнасці чалавека на прыроду;
- складаць план тэксту;
- удзельнічаць у сумеснай дзейнасці;
- працаваць з тэкстам параграфа падручніка і яго кампанентамі;
- вылучаць у тэксце падручніка сэнсавыя часткі і даваць ім загалоўкі, ставіць пытанні да тэксту;
разумець сэнс тэрмінаў і паняццяў: Чырвоная кніга, запаведнік, заказнік, нацыянальны парк.