Вучымся размаўляць па-беларуску!

Паважаныя бацькі, дапамажыце нам далучыць дзяцей да роднай беларускай мовы!!!

Вершы для дзяцей 3-4 гадоў

“Дожджык” Таццяна Кляшторная

Дожджык часта сыпаў, ліў,
Па двары ручай паплыў.
Пабягу хутчэй гуляць
І караблікі пускаць.
Парасон я распрастаў –
Дождж адразу перастаў.
Напужаўся, мабыць, ён,
Як убачыў парасон.

“Ветлівыя словы” Таццяна Кляшторная

“Калі ласка”,”дзякуй”,
“Добры дзень” –  
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Ветлівымі словамі
Буду даражыць,
З ветлівымі словамі
Лёгка жыць.

Вершы для дзяцей 4-5 гадоў

“Лістапад” Янка Купала

З буйных ліп і бяроз
Лісты валяцца.
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца!
Шапацяць, шалясцяць
Залацістыя,
Ўвысь галінкі глядзяць
Пусталістыя.
А як прыйдзе вясна –
Усё адменіцца,
І галінкі ізноў 
Зазяленяцца!

“Восень” (урывак) Янка Журба

Шумяць па-асенняму
Пушча і бор;
На дрэвах, кустах –  
Залацісты ўбор!
Заможная восень
Прыйшла ў калгас,
Дарамі  багатымі
Радуе нас!
На полі калгасным
Вялікі ўраджай.
Ляціць аб ім слава
На ўвесь родны край!

 

ПАЛЬЧЫКАВЫЯ ГУЛЬНІ

   Гульня “Пяком бліны”

Па чарзе датыкацца да стала тыльным бокам ручкі і далонькай:
Матуля напячэ блінкоў
Для дачушак ды сынкоў.
Блін смятанай паліваем,
Зверху цукрам пасыпаем,
Лоўка трубачкай згарнем –
І жуем, жуем, жуем!

   Гульня “Пеўнік” 

Пеўнік раніцай прачнуўся,
(Далонь угару, указальны палец абапіраецца на вялікі, астатнія расстаўлены ўгару).
І да сонца павярнуўся.
(Пакруціць кісцю рукі ў розныя бакі).
Кукарэкнуў раз, два, тры!
( Разводзіць і зводзіць указальны і вялікі палец).
Ты сягоння не праспі!

   Гульня “Замок”

На дзвярах вісіць замок.
(Дзеці складаюць свае ручкі ў замок).
Хто яго адкрыць бы змог?
(Паднімаюць “замок” угару, паказваюць).
Пакруцілі, пакруцілі
(Не расчапляючы рукі, дзеці круцяць іх спачатку ў адзін бок).
Пакруцілі, пакруцілі
(Круцяць іх у іншы бок).
Пацягнулі
(Дзеці спрабуюць яго “адамкнуць” і цягнуць ручкі ў розныя бакі).
І адамкнулі !
(Паднімаюць угару і паказваюць свае вольныя ручкі).

   Гульня “Гэты пальчык”

(Сагніце пальцы левай рукі ў кулачок, затым, слухаючы пацешку, па чарзе разгінайце іх, пачынаючы з вялікага пальца).
Гэты пальчык – дзядуля,
Гэты пальчык – бабуля,
Гэты пальчык – матуля,
Гэты пальчык – татачка,
Ну а гэты пальчык – я.
Вось і ўся мая сям’я!

  Гульня “Васьміног”

(Усімі пальчыкамі, апрача двух вялікіх, дзіця імітуе шчупальцы васьмінога).
Восем пальчыкаў для ног –
Атрымаўся васьміног.
Колькі ног у васьмінога?
Многа! Многа!

Гульні па развіцці беларускага маўлення

  “Што матуліна, а што татава?”

     Мэта: вучыць утвараць прыналежныя прыметнікі.
     Змест. Дарослы паказвае карцінкі (сукенка, акуляры, штаны, капялюш і інш.). Дзіця называе: «Сукенка — маміна…» і г. д.

  “Назаві колер”

     Мэта: дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў па тэме: “Садавіна, агародніна».
     Змест. Дарослы кідае мяч дзяцяці і называе садавіну альбо агародніну (яблык, агурок, бурак, сліва і г.д.), дзіця ловіць мяч, называе адпаведны колер (чырвоны, зялёны, чырвоны, сіняя і г. д.) і кідае мяч назад.

   “Адзін ці многа?”

     Мэта: вучыць змяняць назоўнікі па ліках.
     Змест. Дарослы называе словы ў адзіночным і множным ліку, а дзіця адказвае, колькі прадметаў назва¬на: адзін ці многа. У якасці гульнёвага дзеяння можна выкарыстоўваць перакіданне мяча.

   “Што надзенем ляльцы на прагулку?”

     Мэта: замацоўваць лексіку без нагляднай падказкі па тэме: «Адзенне. Абутак».
     Змест. Дарослы называе некалькі відаў адзення і абутку і прапануе дзіцяці выбраць адзін адказ. Сутнасць гульні ў тым, што дзіця можа назваць тое слова, якое яно помніць.

   “Магазін цацак”

     Мэта: актыўна распазнавацъ но¬выя словы.
     Змест. Дарослы апісвае новую цацку. Задача дзіцяці – хутчэй распазнаць яе і знайсці на “прылаўку магазіна”.

поделиться в:
Контакты
Адрес: 222837 Минская обл., Пуховичский р-н, аг. Ситники, ул. Центральная, 5
Телефон: +375 1713 95-1-54
e-mail: ananichy.upk@pukhovichi-asveta.gov.by
Поиск по сайту